Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
03.08.2021

Бітва таматамі і конкурс на скораснае паяданне - Іўе запрашае на свята памідора

Памідорная сталіца Гродзенскай вобласці 21 жніўня запрашае гасцей на свята "Іўеўскі памідор". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Іўеўскім райвыканкаме.

Іўе вядома сваёй агароднінай, якая пастаўляецца і на беларускі, і на замежны рынкі. Адным з сімвалаў райцэнтра стаў памідор. Некалькі гадоў таму яму прысвяцілі тэматычнае свята, якое стала за гэты час традыцыйным.

Усё тут прысвечана памідору. Напрыклад, праходзяць конкурсы на скораснае паяданне таматаў, выбіраюць самы смачны рэцэпт з памідорамі. Рыхтуюцца гаспадары і да яшчэ аднаго конкурсу - на самы вялікі плод. Некаторыя таматы - чэмпіёны па вазе перасягаюць адзнаку 1 кг. Рыхтуюць да свята і самы вялікі ў вобласці бутэрброд з памідорамі.

"Для гасцей рыхтуем цікавую і насычаную праграму. Адзін з самых займальных элементаў - вясёлая, пазітыўная, унікальная бітва памідорамі "Іўе-дэ-Таматэйра", - расказалі ў Іўеўскім райвыканкаме. - Акрамя таго, у рамках свята ўпершыню пройдзе ўнікальнае шоу на вадзе - раённы конкурс сярод арганізацый раёна па плаванні на самаробных плаўсродках "Плаў-тамат". Таксама ў гледачоў будзе магчымасць ацаніць удзельнікаў раённага сямейнага конкурсу на лепшы карнавальны касцюм з агародніны.

На канцэртнай пляцоўцы "Тамаці-паці+" выступяць лепшыя калектывы Гродзенскай вобласці. У вячэрняй праграме заяўлена неонавая вечарынка і маладзёжная дыскатэка.

На працягу дня будуць працаваць творчыя пляцоўкі, напрыклад, дзіцячая пляцоўка "Памідорны серпанцін", а таксама "Горад майстроў", гандлёвыя рады, рэстаран пад адкрытым небам і іншыя.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI