Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
29.07.2020

Восем новых беларускіх мікрапраектаў атрымаюць гранты па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва

Восем новых беларускіх мікрапраектаў на тэму "Спадчына" атрымаюць гранты па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна" на 2014-2020 гады, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прадстаўніцтва праграмы ў Брэсце Марына Ківель.

Па выніках трэцяга конкурснага набору Сумесны маніторынгавы камітэт (СМК) праграмы адобрыў да фінансавання тры праекты з Брэсцкай вобласці, чатыры - з Гродзенскай і адзін - з Мінскай. Агульны бюджэт праектаў ацэньваецца ў памеры 204,3 тыс. еўра.

У трох выпадках беларускія заяўнікі з'яўляюцца вядучымі бенефіцыярамі. Так, атрымае фінансаванне праект аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама "Вектар у мінулае. Развіццё традыцыйнай культуры як двайвер росту турыстычнага патэнцыялу". Адобраны таксама праект аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама "Культура рэгіёна Белавежскай пушчы - праз агульную спадчыну да трансгранічнага супрацоўніцтва". Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" ініцыяваў праект "Мелодыя Тызенгаўза - стварэнне музычных і відовішчных традыцый для папулярызацыі агульнай гісторыка-культурнай спадчыны Гродна і Сакулкі".

Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці выступае партнёрам праекта "Развіццё мясцовай гісторыі медыцыны ў Седльцы і Мінску". Ашмянскі райвыканкам унясе свой уклад у рэалізацыю праекта "Спадчына побач з намі". Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы будзе ўдзельнічаць у праекце "Ахова прыроднай спадчыны трансгранічных рэк Марыхі і Чорнай Ганчы", а аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама і мясцовы культурна-асветны фонд "Шчорсы і Храптовічы" - у праекце "Дзве культуры ў адным гаршку".

Трэці конкурс праектаў быў запушчаны ў сувязі з тым, што не былі выкарыстаны ўсе сродкі, прадугледжаныя для мікрапраектаў другога набору. У конкурсе ўдзельнічалі 178 заявак. СМК прыняў рашэнне аб суфінансаванні 26 праектаў (22 па прыярытэце "Папулярызацыя мясцовай культуры і гісторыі" і чатыры - па прыярытэце "Развіццё і захаванне прыроднай спадчыны"). Таксама зацверджаны рэзервовы спіс з 11 перспектыўных праектаў. Заяўкі-пераможцы прадстаўляюць 12 рэгіёнаў. Агульная сума грашовых сродкаў, якія будуць выдзелены ў якасці суфінансавання, складае 1,4 млн еўра. На працягу паўгода плануецца падпісанне кантрактаў з бенефіцыярамі.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI