Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.01.2022

Лукашэнка: маладая беларуская дзяржава ўмее знаходзіць эфектыўныя адказы на любыя выклікі

Маладая беларуская дзяржава ўмее знаходзіць эфектыўныя адказы на любыя выклікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У бурлівым моры перамен нам з вамі ўдалося адстаяць незалежнасць Беларусі, вывесці на новы ўзровень эканоміку, захаваць і развіць сацыяльную сферу. Але галоўнае, мы захавалі сябе, менталітэт, годнасць і чыстую душу беларускага народа. Усё тое, што нас аб'ядноўвае і дае магчымасць упэўнена глядзець у будучыню. Час паказаў, што наша маладая суверэнная дзяржава ўмее знаходзіць, калі трэба, эфектыўныя адказы на любыя выклікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пацвярджэннем гэтага, заявіў Прэзідэнт, стала тое, як у краіне спраўляюцца з пандэміяй каранавіруса. "Усё, што намі зроблена і робіцца, - выключна для захавання здароўя і жыцця нашых людзей", - адзначыў ён.

А прыгранічны крызіс з бежанцамі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, паказаў, што для беларусаў міласэрнасць, чалавекалюбства і сумленне - не пусты гук. "Мы заўсёды гатовы адгукнуцца на чужую бяду. І помніце, калі нехта гэта не разумеў: як ты ставішся да чалавека, так і ён да цябе будзе ставіцца. Як твой народ паважае іншыя народы, так і цябе будуць паважаць. Гэта непахісная ісціна, мы яе павінны помніць. Дзякуй богу, з гэтым у нас усё добра. Мы падтрымалі тых людзей, абагрэлі, далі ім прытулак і хлеб. Яны прыйшлі да нас з мірам, і мы сустрэлі іх з адкрытай душой. Да такіх людзей у нашай чыстай, утульнай, прыгожай, гасціннай Беларусі іншага стаўлення не магло і быць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што такія падзеі даюць зразумець, наколькі неабаронены сёння чалавек, калі губляе сувязь з каранямі, з роднай зямлёй, і як важна ў сучасным жорсткім свеце берагчы памяць народа, гістарычную праўду, не дапускаць фальсіфікацыі лёсавызначальных для краіны падзей.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi