Версія для друку
Памер
+
Друк

Фонд падтрымкі мясцовых ініцыятыў прапануецца стварыць у Беларусі

У Беларусі прапануецца стварыць фонд падтрымкі ініцыятыў мясцовага кіравання і самакіравання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Сенатар адзначыў, што неабходнасць у стварэнні фонду абазначалася не раз і ён таксама з'яўляецца прыхільнікам гэтай ідэі. Прапаноўвалася, каб кожны раён уносіў у яго невялікую суму, прыкладна 1 працэнт бюджэту. Грошы на конкурснай аснове выдзяляліся б прадстаўнікам мясцовага кіравання і самакіравання на вырашэнне праблемных пытанняў канкрэтнага рэгіёна, населенага пункта, на патрэбы людзей.

Ігар Жук лічыць, што такі фонд можна стварыць і на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. У свой час парламентарый агучваў гэту ідэю на IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Маскве. Тады яе падтрымалі, аднак да рэалізацыі справа так і не дайшла. "Фонд дазволіў бы супрацоўнічаць непасрэдна рэгіёнам і на конкурснай аснове атрымліваць фінансаванне, умацаваў бы сувязі, дазволіў бы набыць вопыт праектнай дзейнасці", - растлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. Тэму са стварэннем фонду плануецца зноў закрануць на маючым адбыцца Форуме рэгіёнаў у Санкт-Пецярбургу.

Парламентарый звярнуў увагу, што за гады існавання суверэннай Беларусі вертыкаль улады ўмацавалася, наспела неабходнасць, аб чым неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы, таго, каб перадаць пэўныя паўнамоцтвы на месцы, правесці пакрокавую дэцэнтралізацыю. Адначасова гэта прадугледжвае павышэнне адказнасці мясцовага кіравання і самакіравання за вырашэнне пытанняў, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі. Ад таго, наколькі якасна яны будуць працаваць у гэтым напрамку, залежыць непасрэдна імідж улады ў цэлым. "Людзі павінны бачыць, што мясцовыя ўлады вырашаюць іх праблемы, што для гэтага не трэба звяртацца ў сталіцу, у рэспубліканскія органы дзяржкіравання", - перакананы сенатар.

Не менш важна, на яго думку, умацоўваць тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне. Там, дзе яно ёсць і працуе ў цеснай звязцы з мясцовымі ўладамі, людзі выказваюць больш грамадзянскай актыўнасці ў вырашэнні хвалюючых іх пытанняў, напрыклад, добраўпарадкавання і гэтак далей. "Трэба падтрымліваць усе добрыя пачынанні, грамадскія ініцыятывы. Гэта яшчэ адна задача мясцовага самакіравання і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Многія пытанні не патрабуюць глабальных фінансавых рэсурсаў. Іх можна паспяхова вырашаць з прыцягненнем грамадскасці", - растлумачыў парламентарый.

Савет Рэспублікі мэтанакіравана займаецца развіццём і ўдасканаленнем сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання. Верхняй палаце беларускага парламента трэба будзе прапрацаваць прапановы па пашырэнні задач мясцовага самакіравання і магчымым іх уключэнні ў праекты змяненняў у Канстытуцыю і ў закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Беларусі. Для гэтага сенатары аналізуюць айчынную практыку, міжнародны вопыт. Вялікая ўвага ўдзяляецца праектнай дзейнасці, удзелу органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС, праграмах ААН.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://dyatlovo.gov.by/by/republic-by/view/fond-padtrymki-mjastsovyx-initsyjatyu-prapanuetstsa-stvaryts-u-belarusi-13759-2019/

© Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, 2016
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА