Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
08.01.2026

Амаль Br19 млрд плануецца накіраваць на рэалізацыю дзяржпраграмы "Дарогі Беларусі" ў 2026-2030 гадах

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль Br19 млрд плануецца накіраваць на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы "Дарогі Беларусі" ў 2026-2030 гадах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.

Як адзначылі ў прэс-службе, дзяржпраграма "Дарогі Беларусі" - асноўны дакумент у дарожнай гаспадарцы рэспублікі. Агульная працягласць аўтамабільных трас у краіне складае 86 тыс. км. На іх размешчана звыш 5 тыс. мастоў.

"Сетка ўжо сфарміравана. Таму дзяржпраграма на 2026-2030 гады гэтак жа, як і папярэдняя, ​​будзе накіравана ў першую чаргу на захаванне існуючых дарог і маставых збудаванняў на іх. Мэтай з'яўляецца ўдасканаленне і падтрыманне аўтадарог агульнага карыстання ў стане, які забяспечвае камфортнае жыццё ў любым пункце краіны", - адзначылі ў прэс-службе.

Дакумент адпавядае мэце і задачам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, зацверджанай рашэннем Усебеларускага народнага сходу ў снежні мінулага года.

"Аб'ём фінансавання дзяржаўнай праграмы складае амаль Br19 млрд, з іх ільвіная доля - сродкі рэспубліканскага бюджэту (амаль Br17 млрд). Мясцовыя бюджэты - Br2 млрд. Прадугледжана адрамантаваць і рэканструяваць не менш як 25 тыс. км аўтамабільных дарог агульнага карыстання, што ў 1,4 раза больш, чым за мінулую пяцігодку", - расказалі ў ведамстве.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пераводу дарог з гравійным пакрыццём ад аграгарадкоў да райцэнтраў у дарогі з удасканаленым пакрыццём. Плануецца ўладкаванне цэментабетоннага пакрыцця на найбольш напружаных выхадах з Мінска ў межах другой кальцавой аўтадарогі. Гэта ўчасткі аўтадарог Р-28 Мінск - Маладзечна, М-6 Мінск - Гродна, Р-1 Мінск - Дзяржынск і Р-23 Мінск - Слуцк.

Як дадалі ў Мінтрансе, меры, што прымаюцца, дадуць магчымасць значна прадоўжыць тэрмін службы дарожных пакрыццяў найбольш грузанапружаных участкаў аўтадарог паблізу сталіцы.

Сярод найбольш буйных праектаў - рэканструкцыя М-3 Мінск - Віцебск на ўчастку ад Плешчаніц да Лепеля, М-10 ад Рэчыцы да Калінкавіч (гэты ўчастак разбіты на пяць чэргаў, першую чаргу плануецца завяршыць у 2026 годзе), Р-46 ад Лепеля да Сарочына (завяршэнне ў 2026 годзе), Р-53 ад Жодзіна да Барысава (2026 год), Р-122 на ўчастку ад Магілёва да Чавус (2027 год).-0-