Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
01.03.2022

Качанава: пры рэканструкцыі Свята-Успенскага манастыра важна захаваць гістарычную каштоўнасць святыні

Пры рэканструкцыі Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра важна захаваць гістарычную каштоўнасць святыні. Аб гэтым перад нарадай па пытаннях рэканструкцыі манастыра паведаміла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

"Пры наведванні Жыровіцкага манастыра Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу: гэта месца павінна быць прыведзена ў парадак, яно павінна стаць сапраўднай жамчужынай Беларусі. Гэта месца - наша святыня. І мы на кантролі трымаем усе пытанні, якія датыцца гэтых работ", - расказала Наталля Качанава.

Як было адзначана, на цяперашнім этапе ідзе распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонце і рэканструкцыі некалькіх аб'ектаў. "На такой нарадзе мы ўжо абмяркоўвалі шэраг пытанняў, перш чым пачынаць работу. Цяпер у нас узнікла яшчэ некалькі пытанняў. Яны з'яўляюцца крыху спрэчнымі. Напрыклад, уцепленая падлога ў храме, свечачная крама, якую неабходна вынесці. За гэты час папрацавалі ўжо спецыялісты, якія вызначылі, ці магчыма гэта. Бо гэта гістарычная каштоўнасць - 18 стагоддзе. І ёсць розныя меркаванні: ці то замяніць, ці то не кранаць. Для гэтага мы тут, каб прыняць правільнае рашэнне адносна ўнікальнага храма і ў цэлым Жыровіч", - дадала Наталля Качанава.

На цяперашнім этапе праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі шэрага аб'ектаў праходзіць экспертызу. Як прагучала, крыніцы фінансавання - рэспубліканскі і бюджэт Гродзенскай вобласці. Будуць прыцягнуты таксама спонсарскія сродкі.

"Нядаўна я сустракалася з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым. Мы хочам, каб яны таксама ўключыліся ў працэс фінансавання. Важна выкарыстоўваць усе магчымасці, каб захаваць гістарычную каштоўнасць. Для гэтага патрэбны дадатковыя экспертызы, абследаванні. Асабліва актуальна такая работа ў Год гістарычнай памяці", - рэзюмавала Наталля Качанава.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi