16 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прадметы з фондаў музея, якія раскрываюць гісторыю абароны Радзімы ад XIV стагоддзя да сённяшняга дня, прадстаўлены на выставе "На абароне Айчыны" ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ва ўстанове культуры.
Гісторыя баёў і перамог пачынаецца ў музейнай экспазіцыі з эпохі Сярэдневякоўя: у раздзеле рэканструкцыі зброі і даспехаў XIV-XVІІ стагоддзяў выстаўлены шлем грандхельм (рэканструкцыя пачатку XIV стагоддзя), алебарда, кап'ё. Дапаўняюць прадметны рад выява князя Гедыміна, па даручэнні якога ў 1323 годзе пачалося будаўніцтва мураванага замка ў Лідзе для абароны ад крыжаносцаў, і яго завяшчанне. Тут жа макет Лідскага замка, копіі карт XIV-XVІІІ стагоддзяў, на якіх адлюстраваны ход важнейшых баёў.
У цэнтры раздзела, які расказвае пра падзеі вайны з Напалеонам, - карціна "Пераправа французскіх войскаў цераз Бярэзіну 14-17 лістапада 1812 г.". "Ажыўляе" жывапісны твор інсталяцыя - сані з нарабаваным дабром, якое французы спрабавалі вывезці ў час адступлення. Тэму дапаўняюць калет трубача і камерная скульптура "Напалеон".
На выставе прадстаўлена таксама халодная зброя: цесакі, шаблі, шашкі, корцікі XIX - першай палавіны XX стагоддзя.
Падзеі Першай сусветнай вайны адлюстраваны ў фатаграфіях, павялічаных выявах паштовак, калекцыя якіх размешчана ў вітрынах. На іх адлюстраваны палонныя рускія салдаты, а таксама салдаты кайзераўскай Германіі, якія ўваходзяць у горад у верасні 1915 года, нямецкія часці, якія дыслацыраваліся ў казармах Паўночнага гарадка ў Лідзе. Тэму дапаўняюць аўтэнтычныя прадметы быту часоў Першай сусветнай.
Выстава знаёміць з гісторыяй ваенных гарадкоў у Лідзе - Паўночнага і Паўднёвага. Яе прадстаўляюць дакументальныя фатаграфіі, форма ваеннаслужачых розных родаў войскаў з часоў Вялікай Айчыннай вайны да сённяшняга дня, калекцыя фуражак, палявых сумак, біклажак, а таксама фотаальбомы, якія расказваюць аб службе ва Узброеных Сілах СССР.
Тэма вайны ў Афганістане таксама гучыць у экспазіцыі. У музеі можна ўбачыць форму земляка - пагранічніка, ветэрана Афганскай вайны Аляксандра Некрашэвіча, палявую форму афганца, фотаальбом воінаў-афганцаў, пісьмы воінаў, якія не вярнуліся дадому.
У заключным раздзеле выставы сабраны падарункі ад 80-х гадоў ХХ стагоддзя да сучаснасці, а таксама віншавальныя паштоўкі савецкай эпохі і нашых дзён, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.-0-