Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
16.03.2022

Піневіч: пры размеркаванні дасягаецца згода паміж выпускнікамі, наймальнікамі і медыцынскімі ВНУ

Пры размеркаванні дасягаецца згода паміж выпускнікамі, наймальнікамі і ўстановамі адукацыі. Такое меркаванне перад пасяджэннем дзяржаўнай камісіі па размеркаванні ў Гродзенскім медуніверсітэце выказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, размеркаванне ў ахове здароўя трохэтапнае. "Маладым людзям былі прадастаўлены патрэбнасці практычнай аховы здароўя, у тым ліку і ВНУ. Выпускнікі азнаёміліся з рабочымі месцамі прапанаванымі. Прайшло адно ўзгадненне, другое, і сёння - трэці этап, які мае, як правіла, удакладняльны характар. Як паказвае практыка, фактычна ўсе (і бюджэтнікі, і пазабюджэтнікі) атрымліваюць першае рабочае месца. Пры размеркаванні мы фактычна татальна дасягаем згоды паміж нашымі выпускнікамі, наймальнікамі і ўстановамі адукацыі", - расказаў ён. Дзмітрый Піневіч дадаў, што дзяржкамісія разглядае пытанні тых маладых людзей, якія пажадалі змяніць або спалучыць спецыяльнасці, і тых, у каго змяніліся сямейныя абставіны. Напрыклад, выпускнікі пажаніліся, і хочуць размеркавацца ў адно месца. Як падкрэсліў міністр, гэта ўсё цалкам вырашальныя пытанні.

Міністр аховы здароўя адзначыў: пры размеркаванні звяртаецца ўвага на патрэбнасці ўстаноў аховы здароўя не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў малых населеных пунктах. "Замацаванне маладых спецыялістаў - больш за 70 працэнтаў. Мы сумяшчаем высокія тэхналогіі, ствараем вялікія клінічныя цэнтры, якія фарміруюцца ў сталіцы і абласных гарадах", - дадаў Дзмітрый Піневіч.

У Гродзенскім медыцынскім універсітэце выпуск гэтага года ў параўнанні з мінулымі самы маленькі. На лячэбным факультэце - 295 выпускнікоў, 70 - на педыятрычным, 38 - на медыка-дыягнастычным, 40 - на медыка-псіхалагічным.

Дэкан лячэбнага факультэта ГрДМУ Андрэй Болтач расказаў: "На працягу сямі гадоў ва ўніверсітэце працуе электроннае размеркаванне. Дзякуючы гэтаму ўсе выпускнікі могуць азнаёміцца з заяўкамі і заработнай платай на прапанаваных першых месцах. Аб эфектыўнасці гэтай сістэмы сведчыць той факт, што з 400 выпускнікоў пераразмяркоўвацца прыйшлі сёння толькі 38 чалавек".

Сярод тых, хто прыйшоў на дзяржкамісію, выпускнік педыятрычнага факультэта Арцём Сацук: "На гэты момант я размеркаваны ўчастковым педыятрам у Брэст. Хачу пераразмеркавацца траўматолагам або ў Брэст, або ў Баранавічы. З першага курса я ішоў на гэту спецыяльнасць і бачу ў ёй для сябе вялікія перспектывы", - заўважыў малады чалавек.

З 400 выпускнікоў ГрДМУ ў рэгіёне застануцца каля 110, у прыватнасці ў Гродне - 10 маладых спецыялістаў.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi