Прадстаўніца Беларусі Настасся Шкурава стала адным з лаўрэатаў вакальнага конкурсу на 6-м Міжнародным інклюзіўным форуме для адораных дзяцей, арганізаваным егіпецкім фондам Awladna ("Нашы дзеці") у Каіры 15-21 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай дыпламатычнай місіі ў Егіпце.
Усяго на форуме былі прадстаўлены 34 краіны свету. Беларусь упершыню прымала ўдзел у мерапрыемствах гэтага штогадовага дзіцячага фестывалю мастацтваў.
На мастацкай выставе экспанаваліся карціны таленавітага юнага беларускага мастака з Віцебскай вобласці Тадэвуша Урбеля, што выклікалі вялікую цікавасць егіпецкай публікі. У конкурснай частцы праграмы фестывалю прымала ўдзел вакалістка з Гродна Настасся Шкурава, якая ўвайшла ў лік лаўрэатаў.
На шматлікіх пляцоўках форуму ў Каіры на працягу тыдня праводзіліся музычныя канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, лекцыі і семінары для педагогаў і спецыялістаў, якія займаюцца развіццём і сацыяльнай інтэграцыяй дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, былі арганізаваны мастацкія майстэрні і выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельнікі фестывалю азнаёміліся са славутасцямі Каіра.
У ходзе прэс-канферэнцыі, арганізаванай напярэдадні адкрыцця Міжнароднага інклюзіўнага форуму для адораных дзяцей, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце Сяргей Цярэнцьеў адзначыў беларускі вопыт інклюзіўнага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі развіцця, рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, што з'яўляецца важным складнікам сацыяльнай і маладзёжнай палітыкі нашай дзяржавы.-0-