Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
28.10.2021

Тавараабарот паміж Беларуссю і Тульскай вобласцю за студзень-жнівень павялічыўся на 76 працэнтаў

Узаемны тавараабарот паміж Беларуссю і Тульскай вобласцю па выніках студзеня-жніўня 2021 года павялічыўся на 76 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года і наблізіўся да $300 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Беллегпрам".

У анлайн-фармаце 27 кастрычніка адбылося пасяджэнне сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Тульскай вобласці. Кіраўнік "Беллегпрама" Таццяна Лугіна і першы намеснік губернатара Тульскай вобласці Вячаслаў Федарышчаў адзначылі, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам дынамічна развіваецца на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, абласцей і раёнаў, па лініі гандлёва-прамысловых палат, саюзаў прадпрымальнікаў, на ўзроўні суб'ектаў гаспадарання.

"Ужо сёння мы бачым, што рэзультат узаемнага гандлю за мінулы перыяд перасягае рэзультаты ўсяго 2020 года. Разам з тым для беларускіх кампаній ёсць яшчэ шмат магчымасцей для папулярызацыі і больш шырокай прадстаўленасці ў Тульскім рэгіёне", - сказала Таццяна Лугіна.

Віцэ-губернатар падзякаваў беларускім калегам за ўдзел Белкаапсаюза ў мерапрыемствах да 190-годдзя спажыўкааперацыі Расіі: "Магу з упэўненасцю сказаць, што пляцоўка Белкаапсаюза на кірмашы была адной з самых маштабных і каларытных". Расійскія калегі таксама адзначылі эфектыўнае ўзаемадзеянне па праграмах пабрацімскіх сувязей з Магілёвам, Бабруйскам і Салігорскам, актыўнае супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзвюх краін, а таксама зладжаную работу ў сферы культуры і спорту.

Як адзначылі ў прэс-службе, улічваючы паспяховае супрацоўніцтва Тульскага і Гродзенскага рэгіёнаў у розных галінах, бакі дамовіліся на працягу месяца распрацаваць дарожную карту, каб у рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў 2022 годзе ў Гродне, падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве.-0-


БЕЛТА - Навiны Беларусi