9 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Гродзенскай вобласці ў красавіку правядуць 13 электронных кірмашоў вакансій. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.
"Свае вакансіі 10 красавіка прадставяць прадпрыемствы Гродзенскага і Дзятлаўскага раёнаў, 16 красавіка - Навагрудскага раёна. Электронныя кірмашы вакансій 23 красавіка адбудуцца ў Воранаўскім, Іўеўскім, Мастоўскім, Астравецкім і Слонімскім раёнах. У Ваўкавыскім і Лідскім раёнах - 24-га чысла. А 28 красавіка ў Зэльвенскім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах", - адзначылі ў профільным камітэце.
Саіскальнікі і наймальнікі ў час мерапрыемстваў будуць весці дыялог на спецыялізаваным сайце e-vacancy.by. Саіскальнікі азнаёмяцца з вакансіямі, рэжымам і ўмовамі працы, змогуць задаць пытанні, накіраваць рэзюмэ, атрымаць электронную кансультацыю па працаўладкаванні, запрашэнне на гутарку.
Пасля заканчэння кірмашоў усе актуальныя прапановы будуць аўтаматычна перанесены ў агульнарэспубліканскі банк вакансій на партале дзяржаўнай службы занятасці.-0-