Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
02.02.2022

У Гродзенскім раёне алічбавалі гучанне музычных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча

У Гродзенскім раёне алічбавалі гучанне музычных інструментаў народнага майстра Мар'яна Скрамблевіча. Цяпер наведвальнікі музея ў аграгарадку Адэльск могуць самастойна праслухаць кожны з іх, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры.

Народны майстар з Адэльска Мар'ян Скрамблевіч ужо больш за 30 гадоў стварае духавыя і ўдарныя інструменты. Яго творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як элемент нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека. Яго інструменты захоўваюцца ў музеях Беларусі, у прыватных калекцыях у Расіі, Аўстрыі, Францыі, Германіі. Іграюць на іх у самадзейных і прафесійных ансамблях.

Музейны кабінет майстра ў Адэльску - гэта сапраўдны аркестр з сотнямі інструментаў з розных парод дрэў: ёсць двайныя флейты, жалейкі, трашчоткі, дудкі і шмат іншага. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з гісторыяй іх стварэння, даведацца пра біяграфію майстра. Для гэтага куплена інтэрактыўная панэль з камп'ютарам, праведзена вялікая работа па запісу, алічбоўцы гукаў, стварэнні відэатэкі гучання інструментаў. "Усё гэта стала магчымым дзякуючы гранту Прэзідэнта па захаванні традыцыйных спосабаў вырабу народных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча на 2021 год", - расказалі ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры.

Акрамя таго, дзякуючы гранту ўдалося сабраць калекцыю ўнікальных старадаўніх інструментаў для апрацоўкі дрэва, якія раней выкарыстоўваліся і для вырабу музычных інструментаў. Больш за 40 сталярных інструментаў, частку з якіх стварыў сам Мар'ян Скрамблевіч, склалі экспазіцыю музея-майстэрні. Плануецца, што тут будуць праводзіцца майстар-класы, дзе майстар азнаёміць наведвальнікаў з азамі апрацоўкі дрэва і вырабу самых простых музычных інструментаў. Акрамя таго, на сродкі гранта новымі прыстасаваннямі для работы папоўніўся і міні-цэх у доме Мар'яна Скрамблевіча.

На сродкі гранта выпушчаны кнігі, напрыклад метадычнае выданне, у якім майстар расказвае пра сакрэты вырабу інструментаў, нарыхтоўкі, сушкі, апрацоўкі розных парод дрэва. Яшчэ адна кніга "М.А.Скрамблевіч. Музыка праз жыццё" азнаёміць чытачоў з біяграфіяй і творчым шляхам майстра. Выйшаў у свет і багата ілюстраваны фотаальбом, прысвечаны самым незвычайным інструментам Мар'яна Скрамблевіча.

Акрамя таго, у 2021 годзе арганізавана мабільная выстава-прэзентацыя з двума дзясяткамі інструментаў, каб прадстаўляць творчасць майстра ў іншых населеных пунктах, на фестывалях і святах.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi