Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
16.01.2026

Вершы, напісаныя сэрцам. У Гродне адзначылі 90-годдзе паэта-земляка Віктара Кудлачова

"Жыццё як творчасць - творчасць як жыццё" - так назвалі творчую вечарыну ў гуманітарным каледжы ГрДУ імя Я.Купалы, дзе павіншавалі з 90-гадовым юбілеем выпускніка навучальнай установы, вядомага дзіцячага паэта Віктара Кудлачова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жыццё Віктара Кудлачова - прыклад не толькі творчага поспеху, але чалавечага подзвігу. Ураджэнец Магілёўшчыны, у дзяцінстве ў роднай вёсцы ён спазнаў усе жахі Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Віктар, самы малодшы з сямі дзяцей у сям'і, пайшоў у школу, скончыў першы клас з адзнакай. Вайна "дагнала" яго праз год, у маі 1945-га: узрывам фашысцкай міны хлопчык быў паранены і страціў зрок. Але не здаўся: у 1947 годзе паступіў у школу для невідушчых і  дзяцей са слабым зрокам у Гродне, у той час адзіную ў Беларусі. А пасля яе заканчэння паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Атрымаўшы дыплом настаўніка спеваў і музыкі ў 1958 годзе, больш за паўстагоддзя працаваў па спецыяльнасці ў Гродзенскай школе для дзяцей з парушэннем зроку.

Літаратурнай дзейнасцю Віктар Кудлачоў стаў займацца з 1970 года. За 55 гадоў стаў аўтарам больш як 30 кніг: "Я расту", "Я сам", "Намалюю горад Гродна", "Сустрэча", "Едзе радасць" і многіх іншых.

Віктар Кудлачоў - ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама "За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва". Прэзідыумам Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) яму прысвоена званне "Заслужаны дзеяч БелТІЗ".

Творчы вечар Віктара Сямёнавіча Кудлачова аб'яднаў навучэнцаў, выкладчыкаў універсітэта і каледжа, членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама ганаровых гасцей. У сценах каледжа гучалі не толькі афіцыйныя віншаванні, але і вельмі асабістыя гісторыі пра творчы шлях юбіляра. Аб тым, як нараджаюцца вершы з дзіцячых пытанняў, са школьных гісторый, з успамінаў і самых, здавалася б, звычайных жыццёвых сітуацый (проста трэба валодаць дарам іх убачыць у творчым ракурсе), аб тым, як навучыцца пераадольваць няпростыя абставіны і знаходзіць свой шлях, ісці па ім упэўнена і смела.

Праграму свята ўпрыгожылі выступленні навучэнцаў каледжа, якія з асаблівай узнёсласцю чыталі ўрыўкі з вершаў паэта.

Як адзначыла дырэктар гуманітарнага каледжа ГрДУ Наталля Валковіч, ва ўстанове адукацыі ганарацца сваім вядомым выпускніком. Імя Віктара Кудлачова носіць бібліятэка каледжа. Вучні ведаюць многія яго творы, у тым ліку і дзякуючы таму, што гэтыя вершы выкарыстоўваюць на ўроках у школах.-0-