Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.05.2022

Чарвякоў: да канца года запланавана разгледзець і аптымізаваць 750 адмінпрацэдур

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да канца года плануецца разгледзець і аптымізаваць 750 адміністрацыйных працэдур. Аб гэтым сказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў на сустрэчы з генеральным дырэктарам ААТ "Агенцтва сэрвісізацыі і рэінжынірынгу" (АСР) Вячаславам Былінай і яго першым намеснікам Сяргеем Рудневым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, мэта нарады - абмеркаванне дарожнай карты руху нядаўна створанага АСР: што ўжо выканана і плануецца ў перспектыве рэалізаваць, якая неабходна падтрымка з боку Мінэканомікі для актывізацыі працэсу вырашэння задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы па аптымізацыі адміністрацыйных працэдур.

Як паведаміла кіраўніцтва АСР, сфарміраваны штат супрацоўнікаў па рэінжынірынгу бізнес-працэсаў, дасканала вывучаны міжнародны вопыт, падрыхтаваны карты адмінпрацэдур (пакрокавы працэс іх ажыццяўлення), зацверджаны рэгламент узаемадзеяння з дзяржорганамі па зніжэнні адміністрацыйнай нагрузкі на суб'екты гаспадарання, сфарміраваны пералік адмінпрацэдур, якія прапануюцца да аптымізацыі, распрацавана архітэктура рэестраў метаданых і электронных сэрвісаў і інш.

Міністр акцэнтаваў увагу на алгарытме сумеснай работы па аптымізацыі адмінпрацэдур у бягучым годзе. "Агенцтву трэба будзе прааналізаваць 750 адмінпрацэдур. Да канца жніўня ў Мінэканомікі павінен паступіць гатовы пакет з прапановамі па іх аптымізацыі. Пасля разгляду іх на рабочай групе, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржорганаў, бізнесу і дэпутаты, узгодненыя ініцыятывы будуць унесены ва ўрад. Па распараджэнні першага віцэ-прэм'ера дзяржорганы адпрацуюць іх у праекты нарматыўных прававых актаў. Нацэльваю вас: да канца года павінны быць прыняты ўсе дакументы па 750 адмінпрацэдурах", - сказаў ён.

Што датычыцца аўтаматызацыі, то агенцтва плануе стварыць унікальны для Беларусі інструмент для рэінжынірынгу і лічбавізацыі адмінпрацэдур. У снежні будуць уведзены ў эксплуатацыю рэестры метаданых і электронных сэрвісаў, гэта значыць з'явяцца гатовыя інструменты перавядзення ў лічбавы фармат адмінпрацэдур.

"У перспектыве атрымаем агульную карціну сістэмы адміністравання і рэгулявання ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і бізнесам з вузкімі месцамі, якія павялічваюць выдаткі прадпрымальніцкага сектара і стрымліваюць яго развіццё. Зыходзячы з гэтага, мы зможам выбудоўваць прыярытэты і задачы. Па сутнасці, створым інструмент кіравання адміністрацыйнымі працэсамі", - звярнуў увагу кіраўнік эканамічнага ведамства.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi