9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан вядуць актыўную работу, каб звязаць узаемныя інтарэсы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўжо вас учора ў дамашняй абстаноўцы вітаў. Яшчэ раз хачу паўтарыць, ужо афіцыйна: я рады вашаму прыезду, мы з вамі на ўсіх міжнародных сустрэчах абменьваліся думкамі наконт гэтага візіту. Я вам тады сказаў, што мы вас вельмі чакаем. Як сябра беларускага народа. І гатовы зрабіць усё для таго, каб візіт паспяхова праходзіў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Што датычыцца нашых поглядаў, хачу сказаць, што мы прытрымліваемся па асноўных напрамках такой самай палітыкі, што і Узбекістан. Мы за шматпалярнасць. Мы не хочам перашкаджаць нікому. Мы глядзім на наш народ, Узбекістан - на свой народ. Але ў той жа час вядзём вельмі актыўную работу, каб звязаць нашы інтарэсы".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Узбекістан уваходзіць у дзясятку асноўных замежных партнёраў Беларусі, а сярод дзяржаў СНД займае трэцяе месца. "Вядома, не параўнаць з гіганцкай Расіяй, але ўсё ж такі вельмі высокі ўзровень. І мы з вамі значна рушылі наперад. Калісьці ў час вашага першага Прэзідэнта я марыў аб такім узроўні адносін, але не ўсё тады атрымлівалася. І мы зрабілі з вамі гэты рывок", - сказаў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што калісьці бакі гаварылі аб неабходнасці дасягнення ўзроўню тавараабароту ў памеры $1 млрд, а цяпер ужо свабодна ставіцца мэта $2 млрд, ставяцца адпаведныя задачы перад ведамствамі дзвюх краін.
"Вельмі важна, каб акрамя сумесных праектаў (тут мы абавязацельствы будзем строга выконваць) мы з вашай дапамогай маглі выйсці і на трэція краіны, асабліва якія блізкія Узбекістану там. У іх вялікая цікавасць, і мы разам будзем працаваць. Тым больш што гэта работа пачалася", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Узбекістан абмяркоўваюць шэраг канкрэтных праектаў з удзелам кампаній бакоў. "Вы малайцы. Самы высокі ўзровень тых кампаній, якія ў вас прысутнічаюць на рынку", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ён, у прыватнасці, згадаў сферу машынабудавання і кааперацыю ў гэтым напрамку: "Мы асвоілі ў вас ужо сумесную вытворчасць 130-тоннага БЕЛАЗа. Гатовы выходзіць на 220-тонны. Трэба рухацца ў гэтым плане. Калі такая ж будзе падтрымка, як цяпер з вашага боку ва Узбекістане, мы вельмі хутка гэта зробім. Па трактарабудаванні вы ўчора гаварылі пад 3 тыс. (адзінак у год на сумеснай вытворчасці ва Узбекістане. - Заўвага БЕЛТА) можам выйсці. Мы забяспечым сэрвіснае абслугоўванне. Увогуле, зробім па ўсім машынабудаўнічым комплексе так, што сорамна не будзе".
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - сельская гаспадарка і перапрацоўка адпаведнай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі гэта сфера вельмі развіта. "Мы гатовы і да паставак, і адкрываць у вас сумесныя вытворчасці, што мы і робім адносна мяса птушкі, па малакаперапрацоўцы і гэтак далей. Гатовы ў гэтых адносінах рухацца наперад", - запэўніў беларускі лідар.
Звярнуў увагу Прэзідэнт і на гуманітарную сферу супрацоўніцтва. "Мне прыемна было чуць, што вы задаволены нашай аховай здароўя. Вашы людзі, якія прыязджаюць да нас падлячыцца, ніхто вам не паскардзіўся, што мы іх дрэнна прымаем. Жывыя, здаровыя, дзякуй богу. У ахове здароўя, фармацыі - мы таксама ў гэтым напрамку рухаемся. Гэта наша тэма. І гатовы ад адукацыйных працэсаў да аказання дапамогі людзям перадаваць вопыт. Калі вам штосьці трэба, скажыце, мы заўсёды гатовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў калегу і за культурны абмен, праведзены ў Мінску канцэрт майстроў мастацтваў Узбекістана: "Нашы людзі вельмі задаволены. Некаторыя і першы раз убачылі, што ва Узбекістане такі ўзровень культуры. Таму добра, што мы абменьваемся. У мінулым годзе ў вас (прайшлі Дні культуры Беларусі ва Узбекістане. - Заўвага БЕЛТА), у гэтым годзе ў нас".
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам актыўнага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам цяперашнія перагаворы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у пэўнай ступені маюць толькі сімвалічны характар. "Мы асвяцім усё тое, што было зроблена да гэтага дня. Прадстаўнікі бізнесу сустрэліся, вялікая колькасць кампаній, дамовіліся шмат аб чым. Гуманітарны аспект таксама адпрацаваны. Мы ўчора тры гадзіны дыялог вялі. Што нам тут засталося? Як у царкве гавораць, "асвяціць"; Алаха папрасіць, каб гэта ўсё было рэалізавана. Што мы і зробім", - сказаў Прэзідэнт.-0-