Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.02.2023

Лукашэнка падпісаў закон аб Усебеларускім народным сходзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб Усебеларускім народным сходзе", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Мэтай дакумента з'яўляецца рэалізацыя канстытуцыйных норм аб Усебеларускім народным сходзе, замацаванне яго прававога статусу як вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, а таксама вызначэнне парадку фарміравання і дзейнасці УНС.

Да дэлегатаў УНС аднесены кіраўнік дзяржавы, Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама грамадзянскай супольнасці.

Сход не мае права падмяняць іншыя дзяржаўныя органы, выконваць іх функцыі, умешвацца ў іх дзейнасць.

Кампетэнцыя УНС вызначана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, у тым ліку прадугледжаны паўнамоцтвы на прыняцце рашэнняў:

аб зацвярджэнні найбольш важных для краіны дакументаў (асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця);

аб унясенні Прэзідэнту прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;

аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі;

аб зняцці з пасады Прэзідэнта ў выпадку грубага парушэння ім Канстытуцыі або ўчынення цяжкага злачынства;

аб выбранні суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў ЦВК, вызваленні іх ад пасады;

аб устанаўленні свят, святочных дзён і памятных дат;

аб увядзенні надзвычайнага або ваеннага становішча;

аб магчымасці накіравання ваеннаслужачых за межы краіны для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

Маштабнасць паўнамоцтваў сходу прадугледжвае і асаблівы характар яго рашэнняў. Рашэнні УНС прымаюцца большасцю ад поўнага складу, з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржорганаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

Для забеспячэння дзейнасці УНС плануецца стварыць Прэзідыум (пастаянна дзеючы калегіяльны орган для аператыўнага вырашэння пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю УНС) і Сакратарыят (рабочы орган УНС). Колькасць Прэзідыума - 15 чалавек. Старшыня УНС, яго намеснікі, іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца на першым пасяджэнні УНС са складу яго дэлегатаў.

Старшыня УНС і яго намеснікі ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, іншыя дэлегаты - без адрыву ад працоўнай дзейнасці.

Пасяджэнні УНС праводзяцца не радзей за адзін раз у год. Пасяджэнні Прэзідыума УНС - не радзей за адзін раз у 6 месяцаў.

Рэалізацыя закона надасць новы імпульс дзяржаўнаму развіццю. УНС, сфарміраваны на дэмакратычных пачатках, будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi