Галоўная / Белорусская версия / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.07.2022

Нацбанк змяніў парадак устанаўлення курсаў беларускага рубля да замежных валют

Нацыянальны банк Беларусі ўнёс асобныя змяненні ў дзеючы парадак устанаўлення афіцыйных курсаў беларускага рубля ў адносінах да замежных валют. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай праўлення Нацбанка ад 27 чэрвеня 2022 года нумар 232, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НББ.

Адзначаецца, што асноўныя падыходы да разліку і ўстанаўлення афіцыйных курсаў беларускага рубля застаюцца ранейшымі, а змяненні маюць тэхнічны характар.

Так, спрошчаны парадак змянення Нацбанкам перыядычнасці ўстанаўлення афіцыйных курсаў беларускага рубля адносна асобных замежных валют для аператыўнага рэагавання на змяненні ў патрэбнасцях суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці. Пры гэтым парадак апублікавання на афіцыйным сайце інфармацыі аб курсах, якія штодзень і штомесяц устанаўліваюцца, застаецца ранейшым.

Акрамя таго, удакладнены падыходы па вызначэнні пераліку замежных валют, адносна якіх афіцыйныя курсы беларускага рубля ўстанаўліваюцца згодна з данымі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы.

У НББ дадалі, што быў пашыраны пералік крыніц інфармацыі аб крос-курсах замежных валют да долара ЗША, якія выкарыстоўваюцца для ўстанаўлення афіцыйных курсаў беларускага рубля да гэтых замежных валют.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi