Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі - начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова на прэс-канферэнцыі "Аб завяршэнні навучальнага года і правядзенні выпускных экзаменаў. Пытанні арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў летні перыяд", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пытанні правядзення выпускных экзаменаў у школах Беларусі ў гэтым годзе засталіся нязменнымі ў параўнанні з мінулым навучальным годам. Яны пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Пералік прадметаў, па якіх вучні выпускных класаў здаюць выпускныя экзамены, а таксама формы іх правядзення таксама не змяніліся. Нагадаю, дзевяцікласнікам трэба будзе здаць тры абавязковыя выпускныя экзамены: руская мова (дыктант), беларуская мова (дыктант), матэматыка (кантрольная работа). Працягласць кантрольнай работы па матэматыцы складае чатыры астранамічныя гадзіны. Час правядзення экзаменаў па рускай і беларускай мовах - адна астранамічная гадзіна. Вучні 11-х класаў здаюць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: руская або беларуская мова на выбар вучня (пераказ), матэматыка (кантрольная работа). А таксама два вусныя экзамены: гісторыя Беларусі і замежная мова. Працягласць кантрольнай работы па матэматыцы ў гэтым выпадку складае пяць астранамічных гадзін, час напісання пераказу - чатыры астранамічныя гадзіны. На падрыхтоўку для адказу па білеце адводзіцца 30 мінут", - расказала Ірына Каржова.
Міністэрствам адукацыі вызначаны наступныя даты для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме: 1, 3, 6 чэрвеня будуць аб'яўляцца тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у 11-м класе, 2, 7, 9 чэрвеня - у 9-м класе. Канчатковыя расклады вучэбных заняткаў зацвярджаюцца кіраўніком установы адукацыі. Пры складанні гэтага раскладу ў першую чаргу ўлічваюцца тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі для правядзення пісьмовых работ. Недапушчальна, каб у адзін дзень было больш за адзін выпускны экзамен, прамежак паміж імі павінен складаць не менш за адзін дзень.
Як і ў мінулыя гады, тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб'яўляцца ў прамым эфіры па "Беларусь 1", а таксама будуць размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі.
Катэгорыі вучняў, якія могуць быць вызвалены ад выпускных экзаменаў, таксама засталіся нязменнымі ў параўнанні з мінулым навучальным годам. "Гэта вучні, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў каманды Беларусі для ўдзелу ў прадметных міжнародных алімпіядах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Падлягаюць вызваленню навучэнцы па лініі Міністэрства спорту - гэта тыя навучэнцы, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі спартыўных мерапрыемстваў або збораў па падрыхтоўцы да іх, калі тэрміны правядзення спартыўных мерапрыемстваў і збораў супадаюць з датамі правядзення выпускных экзаменаў. Вызваленню ад выпускных экзаменаў падлягаюць вучні па медыцынскіх паказаннях, калі хвароба ўключана ў пералік медыцынскіх паказанняў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, а таксама навучэнцы, якія вучацца дома і якія маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Ад выпускных экзаменаў вызваляюцца і пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах", - праінфармавала кіраўнік.
Ірына Каржова адзначыла: пераможцам алімпіяды па адпаведным вучэбным прадмеце выстаўляецца 10 балаў. "Вызваленым ад выпускных экзаменаў на іншых падставах у якасці падагульняючых выстаўляюцца гадавыя адзнакі. Адзнакі, атрыманыя вучнямі на выпускных экзаменах, якія праводзяцца ў вуснай форме, аб'яўляюцца пасля завяршэння выпускнога экзамену, а ў пісьмовай форме - не пазней, чым за адзін дзень да правядзення наступнага выпускнога экзамену. Экзаменацыйныя падагульняючыя адзнакі, гадавыя адзнакі па вучэбных прадметах перагляду не падлягаюць. За вырашэнне ўсіх пытанняў, звязаных з завяршэннем навучальнага года, арганізацыяй правядзення выпускных экзаменаў ва ўстановах адукацыі персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі", - рэзюмавала яна.-0-