Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.04.2026

Заканатворчасць, работа з грамадзянамі і мясцовымі саветамі. Лукашэнка прыняў з дакладам Качанаву

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт пацікавіўся ў Наталлі Качанавай уражаннямі аб рабоце вышэйшага заканадаўчага органа ўлады: "Як там сенатары сябе адчуваюць, ці апраўдваюць тыя надзеі і чаканні, якія ўскладвалі на іх? Што не атрымліваецца? Можа, патрэбна якая-небудзь дапамога і падтрымка".

"Па законапраектах я азнаёміўся. Вы робіце тое, што і павінен рабіць Савет Рэспублікі. Але мяне больш цікавіць ваша работа з ніжэйстаячымі саветамі (дэпутатаў. - Заўвага БЕЛТА). Мы аб гэтым дамаўляліся, што гэта зона вашай адказнасці. Усё астатняе - гэта потым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне, якое цікавіла кіраўніка дзяржавы, - удасканаленне работы з грамадзянамі. "Заявы, кантроль за выкананнем... Ну і іншыя пытанні, якія вы лічыце патрэбным абмеркаваць", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся работай экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, створанага па яго распараджэнні. Савет з'яўляецца своеасаблівым "прававым фільтрам", які забяспечвае ўсебаковы разгляд праектаў важнейшых нарматыўных прававых актаў і ацэнку наступстваў іх прыняцця.

Як расказала Наталля Качанава, Савет Рэспублікі працуе ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, - Канстытуцыяй і законам "Аб нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь" - а таксама даручэннямі Прэзідэнта. "Усе задачы, якія стаяць перад Саветам Рэспублікі, мы выконваем у поўным аб'ёме. Перш за ўсё, гэта заканатворчая дзейнасць, - падкрэсліла яна. - Мы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў уключаемся ў работу над законапраектам з самага першага этапу".

Заканатворчая дзейнасць Савета Рэспублікі ў 2025-м і за мінулы перыяд 2026 года была арыентавана на ўдасканаленне прававых норм з улікам прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, інтарэсаў грамадзян і рэгіёнаў. За гэты час Саветам Рэспублікі адобраны 88 законапраектаў. Якасці падрыхтоўкі законапраектаў садзейнічае работа экспертнага савета, створанага па распараджэнні кіраўніка дзяржавы.

У 2025 годзе і за мінулы перыяд 2026-га члены Савета Рэспублікі разгледзелі 9,3 тыс. зваротаў, правялі 942 асабістыя прыёмы грамадзян, 445 прамых тэлефонных ліній. Акрамя таго, адбылося каля 2,2 тыс. сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Асаблівы акцэнт у рабоце са зваротамі грамадзян зроблены на вырашэнні пытанняў, якія паступілі ў ходзе сустрэч давераных асоб Прэзідэнта ў рамках электаральнай кампаніі. Непасрэдная работа з грамадзянамі служыць крыніцай напрамкаў удасканалення заканадаўства, а ў зваротах змяшчаюцца не толькі скаргі, але і прапановы па ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў.

Што датычыцца работы з мясцовымі саветамі дэпутатаў, вышэйшы заканадаўчы орган краіны не радзей як раз у квартал праводзіць сустрэчы са старшынямі абласных, гарадскіх і раённых саветаў. У ходзе гэтых сустрэч абмяркоўваюцца найбольш актуальныя пытанні, з якімі грамадзяне звяртаюцца ў Савет Рэспублікі і да дэпутатаў мясцовага ўзроўню для іх далейшага вырашэння.

Актыўна выкарыстоўваецца пляцоўка Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. За 2025 год і мінулы перыяд 2026-га на яго пасяджэннях былі разгледжаны пытанні функцыянавання садоўніцкіх таварыстваў, добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, павышэння якасці жыллёва-камунальных паслуг і іншыя.-0-