Вальфовіч: Гродзенская вобласць паказвае ўстойлівае развіццё, стаіць задача дасягнуць высокіх вынікаў ва ўсіх сферах
27.02.2025
27 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Сацыяльна-эканамічны комплекс Гродзенскай вобласці знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях па шасці з васьмі крытэрыяў ацэнкі яго работы, трэба будзе працаваць над тым, каб высокія вынікі дасягаліся ва ўсіх без выключэння сферах. Аб гэтым сказаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч перад пасяджэннем Гродзенскага аблвыканкама, на якім падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў 2024 годзе і вызначаюцца задачы на 2025 год,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Работа сацыяльна-эканамічнага комплексу сёння ацэньваецца па васьмі паказчыках. Гродзенская вобласць па шасці крытэрыях паказвае ўстойліва высокія вынікі, якія перавышаюць сярэднерэспубліканскае значэнне. Па двух паказчыках ёсць пытанні: гэта прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал і будаўніцтва арэнднага жылля. Гэтыя пытанні сёння разгледзім, будуць выпрацаваны канструктыўныя пазіцыі, пастаўлены задачы. Трэба будзе працаваць над тым, каб у 2025 годзе па ўсіх ужо васьмі крытэрыях Гродзенская вобласць займала лідзіруючыя пазіцыі ў краіне", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, на працягу некалькіх дзён было праверана выкананне ў раёнах даручэння па зімоўцы жывёлы, стан малочнатаварных комплексаў, машынных двароў, падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ. У цэлым уражанне станоўчае. Пабудавана больш за 35 сучасных малочнатаварных комплексаў, дзе сапраўды створаны добрыя ўмовы. Ёсць і тыя, якія трэба абнаўляць. Радуе стаўленне людзей да справы, аптымізм, незалежна ад таго, які комплекс, калі персанал ставіцца да справы з душой, адказна, то і надоі, якасць малака адпавядаюць патрабаванням.
На думку дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, было б добра, каб гарадскія жыхары часцей бывалі ў вёсцы, бачылі, якой працай дасягаецца багацце прадуктаў на паліцах нашых магазінаў.
Як падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, былі і праблемныя пытанні, на якіх звернута ўвага кіраўнікоў гаспадарак. Ён выказаў упэўненасць, што ўсё неабходнае аператыўна паправяць, каб было ўсё, як і павінна быць у нашай рэспубліцы - на выдатна.-0-