01.07.2020
Пастаянная экспазіцыя адкрыецца ў вежы Гедыміна ў Лідскім замку
У адрэстаўрыраванай паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка адкрыюць новую музейную экспазіцыю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Вольга Піліпчук.
Замак - адзін з брэндаў Ліды, якая ў гэтым годзе ўдастоена ганаровага звання культурнай сталіцы Беларусі. З 3 ліпеня падстаў пазнаёміцца са старажытным горадам і самім замкам стане больш: у адрэстаўрыраванай паўднёва-заходняй вежы адкрываецца новая экспазіцыя "Старонкі гісторыі ад XIV стагоддзя".
У вежы некалькі ярусаў, кожны будзе прысвечаны пэўнай тэматыцы. У прыватнасці, наведвальнікі змогуць даведацца пра князя Гедыміна, з імем якога і звязваюць пачатак будаўніцтва замка. Будзе ўдзелена ўвага і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Дапоўніць экспазіцыю тэматычная інтэрактыўная карта. Інтэрактыў будзе і на ярусе, прысвечаным будаўніцтву замкаў у ВКЛ: тут наведвальнікі больш даведаюцца пра цэглу-пальчатку, якая выкарыстоўвалася для гэтых мэт.
На верхніх ярусах, як і было раней заведзена ў замках, размесцяцца пакоі знаці. У музеі пастараліся аднавіць абстаноўку таго часу, напоўніць пакоі прадметамі быту ў адпаведнасці з эпохай. Госці змогуць нават згуляць у старадаўнія шашкі або шахматы.
Таксама наведвальнікам прапануюць зрабіць падарожжа ў часе. З вежы адкрываецца цудоўны від на старыя раёны Ліды, захаваліся і фатаграфіі таго, як яны выглядалі раней, а з дапамогай бінокляў можна ўбачыць, як змяніўся горад за апошнія гады.
"Экспазіцыя пастаянная, аднак статычнай яна не будзе. Ёсць планы яе папаўнення. У тым ліку, напрыклад, прадметамі, якія былі знойдзены на тэрыторыі і побач з замкам у час археалагічных даследаванняў у розныя гады. У гэтым плане супрацоўнічаем з іншымі музеямі, у тым ліку і замежнымі", - расказала Вольга Піліпчук. У час адкрыцця наведвальнікаў таксама чакаюць некалькі прыемных сюрпрызаў і сустрэч з гістарычнымі персанажамі.
Як паведамілі ў Лідскім райвыканкаме, замак стане адной з цэнтральных пляцовак святкавання Дня Незалежнасці ў горадзе. Для гасцей рыхтуюць тэматычныя праграмы, дзіцячы канцэртна-забаўляльны марафон. Адным з эпізодаў мерапрыемства стане XIII фестываль нацыянальных культур у Лідзе. Каля сцен замка размесцяцца інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, спартыўна-ігравы гарадок, гандлёвыя рады, будуць праходзіць майстар-класы па розных рамёствах. Лідскі пагранатрад прэзентуе выстаўку зброі і абмундзіравання, а аддзел Дэпартамента аховы запросіць на паказальныя выступленні кінолагаў.
Увечары гледачоў чакаюць каля малой сцэны ля дома Валянціна Таўлая, дзе пройдзе святочны канцэрт і маладзёжны арт-пікнік. Завершыцца свята акцыяй "Спяём гімн разам" і феерверкам.-0-
НАВIНЫ БЕЛАРУСI