25.08.2026
Вучэбныя зборы з ваеннаабавязанымі пройдуць у Бярэзінскім, Чэрвеньскім і Ваўкавыскім раёнах
25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучэбныя зборы з ваеннаабавязанымі пад кіраўніцтвам старшынь адпаведных райвыканкамаў пройдуць з 25 жніўня ў Бярэзінскім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці і з 26 жніўня ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
На зборах плануюцца прыём ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў і іх усебаковае забеспячэнне, а таксама аднаўленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падначаленымі. Акрамя таго, прадугледжаны падрыхтоўка ваеннаабавязаных да выканання задач у адпаведнасці са службовым прызначэннем і адпрацоўка пытанняў фарміравання, падрыхтоўкі і прымянення атрадаў народнага апалчэння. На завяршальным этапе збораў з органамі кіравання тэрытарыяльнай абароны пройдуць камандна-штабное і тактычнае вучэнні.
У Мінабароны таксама расказалі, што тактыка-спецыяльнае вучэнне з каменданцкімі воінскімі часцямі пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення службы войскаў Узброеных Сіл Дзмітрыя Жукоўскага адбудзецца з 25 па 27 жніўня. Яго мэтай з'яўляецца павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі службовых асоб упраўлення каменданцкіх воінскіх часцей і абучанасці асабовага складу падраздзяленняў пры выкананні задач па прызначэнні. Плануецца адпрацаваць забеспячэнне дзеянняў воінскіх часцей у раёнах выканання задач, падтрыманне правапарадку і забеспячэнне бяспекі дарожнага руху, вядзенне разведкі з выкарыстаннем БЛА і процідзеянне БЛА праціўніка.
У вучэнні будуць задзейнічаны ваеннаслужачыя ваенных камендатур і кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл.-0-