25.11.2020
Дарожнікі Беларусі гатовы да работы ў зімовых умовах
Рэспубліканскія прадпрыемствы аўтамабільных дарог гатовы да работы ў зімовых умовах, паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рыгор Глазко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рэспубліканскія прадпрыемствы аўтамабільных дарог цалкам гатовы да работы ў зімовых умовах, на 100 працэнтаў", - сказаў Рыгор Глазко.
Паводле яго слоў, у гэтым сезоне плануецца задзейнічаць 60 адзінак ротарнай тэхнікі, 653 адзінкі пескасолеразмеркавальнай тэхнікі, 945 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі, у тым ліку 150 аўтагрэйдэраў і 592 трактары. Будзе арганізавана работа 259 пагрузчыкаў. Для бесперабойнай работы трэба нарыхтаваць 387 тыс. т пясчана-саляной сумесі, 182 тыс. т тэхнічнай солі і 186 тыс. т чыстай солі. У залежнасці ад умоў надвор'я і тыпу аўтадарог прымяняюцца хімічны, хіміка-фрыкцыйны і фрыкцыйны спосабы апрацоўкі праезнай часткі.
Што датычыцца гатоўнасці Мінска да зімовага перыяду, то, як растлумачыў намеснік гендырэктара ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" Уладзімір Латушкін, будзе задзейнічана 763 адзінкі тэхнікі. Акрамя таго, заключаны дагаворы з іншымі арганізацыямі на прадастаўленне спецтэхнікі. Вывозіць снег будуць на 9 пляцовак, таксама задзейнічаюць снегаплавільны пункт.
"На 20 лістапада нарыхтавана ўжо 32 тыс. пясчана-саляной сумесі (або 60 працэнтаў ад агульнай патрэбнасці) і 7 тыс. т галіту А, гэта 90 працэнтаў ад умяшчальнасці складоў, - адзначыў Уладзімір Латушкін. - Паводле разлікаў, агульная патрэбнасць Мінска складае 54 тыс. т пясчана-саляной сумесі і 48,5 тыс. т чыстай солі. У бягучым годзе ўжо зрасходавалі 1,1 тыс. т солі і 483 т пясчана-саляной сумесі".
Для рэагавання на экстрэмальныя ўмовы надвор'я ў Мінску адпрацаваны план "Пурга" і механізмы ўзаемадзеяння дарожнікаў з іншымі службамі.-0-
НАВIНЫ БЕЛАРУСI