Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.02.2021

Імёны пераможцаў праекта "100 ідэй для Беларусі" назавуць сёння

Імёны пераможцаў 10-га сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" назавуць сёння ў Мінску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнік праекта Наталля Сталпінская. "Адразу пасля афіцыйнай цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага гранд-фіналу папулярнага маладзёжнага праекта ў бізнес-холе "Прэзідэнт-атэля" пачне працаваць інтэрактыўная выстаўка-прэзентацыя "Навігатар ідэй". На ёй у 10 кластарах будуць прадстаўлены аўтарскія распрацоўкі фіналістаў. Паралельна пройдзе абарона праектаў, па выніках якой стануць вядомы імёны пераможцаў", - расказала Наталля Сталпінская. Кожны намінант на перамогу зможа выступіць перад экспертным саветам і прэзентаваць сваю распрацоўку. "На абарону праекта адводзіцца тры хвіліны, далей на працягу дзвюх хвілін эксперты могуць задаваць пытанні. Традыцыйна крытэрыямі ацэнкі стануць актуальнасць заяўленай тэмы, практычная значнасць работы, а таксама навізна ідэі і рэальнасць рэалізацыі, - растлумачыла кіраўнік конкурсу. - Пры гэтым немалаважную ролю ў абароне адыгрываюць дакладнасць і лагічная абгрунтаванасць. Пасля заканчэння абароны прадугледжана рэфлексія з экспертамі. Кожны ўдзельнік зможа задаць пытанне эксперту або атрымаць фідбэк па праекце з парадамі на будучыню". Пераможцаў конкурсу вызначаць у дзвюх узроставых групах - навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь - у 10 намінацыях: "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць", "Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка", "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія", "Бія- і нанаіндустрыя", "Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі", "Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў", "Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, ахова ад надзвычайных сітуацый", "Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера". Традыцыйна самая чаканая частка фіналу - цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Кожны фіналіст атрымае сертыфікат удзельніка. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі і фірменнымі статуэткамі. "Таксама мы намініруем пераможцаў на гранты Беларускага інавацыйнага фонду, а 10 аўтараў найбольш перспектыўных праектаў атрымаюць ад фонду грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак на распрацоўку бізнес-планаў для іх далейшага ўдзелу ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Акрамя таго, хлопчыкам і дзяўчынкам школьнага ўзросту ЦК БРСМ выдасць рэкамендацыі для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пры паступленні на спецыяльнасці, адпаведныя профілю іх конкурснага праекта, яны маюць пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай суме балаў", - рэзюмавала Наталля Сталпінская. Арганізатарамі праекта "100 ідэй для Беларусі" з'яўляюцца БРСМ, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Афіцыйнымі партнёрамі рэспубліканскага фіналу выступілі ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ" і "ТАА "Еўрагандаль".-0-