01.07.2020
Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных для грамадзян пытанняў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне "Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент змяшчае меры па вырашэнні найбольш актуальных для насельніцтва пытанняў, якія паступілі пры зборы подпісаў выбаршчыкаў ініцыятыятыўнай групай у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Гэтыя меры ахопліваюць розныя сферы жыццядзейнасці (будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, энергетыку, занятасць і сацыяльнае забеспячэнне, ахову здароўя, адукацыю, гандаль і іншыя).
У дакуменце таксама знайшлі адлюстраванне даручэнні па пытаннях будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых, дадзеныя кіраўніком дзяржавы 22 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.
Распараджэннем прадугледжваюцца штоквартальная справаздачнасць аб яго выкананні і забеспячэнне належнага інфармавання насельніцтва аб вырашэнні актуальных пытанняў. Кантроль за выкананнем распараджэння будзе забяспечаны КДК і Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі.
У веданні БЕЛТА ёсць тэкст дакумента. Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам даручана забяспечыць работу па шэрагу напрамкаў.
У сферах будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і энергетыкі
- распрацаваць і зацвердзіць праграму, накіраваную на істотнае павелічэнне электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы, уключаючы пашырэнне льготных умоў для спажыўцоў, якія абаграваюць электракрыніцамі жылыя памяшканні і садовыя домікі (дачы);
- забяспечыць стварэнне найбольш спрыяльных умоў з улікам сусветнага вопыту ў мэтах паўсюднага развіцця электратранспарту ў краіне;
- удасканаленне парадку спагнання дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху без прывязкі да праходжання тэхнічнага агляду;
- забяспечыць своечасовы капітальны і бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі, развіццё дарожнай інфраструктуры, аб'ектаў дарожнага сэрвісу, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама комплексны падыход пры замене інжынерных сетак і элементаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, асаблівую ўвагу ўдзяліць месцам правядзення работ, размешчаным паблізу жылых дамоў;
- максімальна ўлічваць інтарэсы грамадзян пры планаванні маршрутаў грамадскага транспарту;
- праводзіць капітальны рамонт жыллёвага фонду ва ўстаноўленыя тэрміны;
- забяспечыць належную якасць пітной вады, устойлівае водазабеспячэнне, ачыстку і адвядзенне сцёкавых вод.
У сферы гандлю
- узмацніць кантроль за цэнавай сітуацыяй на спажывецкім рынку;
- прымаць неадкладныя меры рэагавання пры ўстанаўленні фактаў неабгрунтаванага павышэння цэн на рэалізуемыя тавары.
У сферах занятасці і сацыяльнага забеспячэння
- забяспечыць вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва;
- прымаць эфектыўныя меры па павышэнні заработнай платы ў арганізацыях з нізкім узроўнем аплаты працы;
- ажыццяўляць дзейсны кантроль за своечасовай выплатай заработнай платы;
- забяспечыць павышэнне ўзроўню заработнай платы за кошт стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў.
У сферы аховы здароўя
- прадоўжыць далейшую рэалізацыю сістэмных мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне насельніцтву даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі;
- забяспечыць наяўнасць неабходных лекавых сродкаў і кантроль за неабгрунтаваным ростам цэн на іх.
У сферы адукацыі
- прапрацаваць пытанне па змяненні фармату ўступных іспытаў пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі па асобных спецыяльнасцях, у тым ліку паступленні па конкурсе атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі без здачы ўступных іспытаў для выпускнікоў, якія атрымалі мэтавыя накіраванні;
- забяспечыць прапрацоўку пытання па ўстанаўленні пераважнага права на залічэнне за кошт сродкаў бюджэту ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці для асоб, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў (рабочых);
- прапрацаваць пытанне арганізацыі пры неабходнасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках прадмета "Працоўнае навучанне" прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў па найбольш запатрабаваных сельскагаспадарчых прафесіях ("трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці", "аператар машыннага даення" і іншыя).
У грашова-крэдытнай сферы (сумесна з Нацыянальным банкам)
- забяспечыць павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў для ўсіх катэгорый грамадзян у мэтах будаўніцтва і набыцця жылля;
- забяспечыць даступнасць зняцця наяўных грашовых сродкаў з рахункаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.
У распараджэнні таксама дадзены канкрэтныя даручэнні па рэгіёнах. Забяспечваць іх выкананне даручана Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі.
У Брэсцкай вобласці
- правесці капітальны рамонт з мадэрнізацыяй хірургічнага корпуса ў Маларыцкай раённай бальніцы;
- пабудаваць школы-сады ў Кобрыне і Століне, агульнаадукацыйную сярэднюю школу ў мікрараёне Бароўкі-2 у Баранавічах, дзіцячыя яслі-сад у Жабінцы.
У Віцебскай вобласці
- распрацаваць і зацвердзіць комплекс мер па развіцці Полацкага раёна на перыяд да 2025 года;
- адкрыць інфекцыйнае аддзяленне ў цэнтральнай бальніцы ў Полацку;
- завяршыць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Чашніках;
- забяспечыць належныя ўмовы знаходжання і пражывання дзяцей у аздараўленчым лагеры "Юнацтва" філіяла "Лукомская ДРЭС" РУП "Віцебскэнерга".
У Гомельскай вобласці
- завяршыць будаўніцтва аб'екта "Цэнтр гульнявых відаў спорту ў г.Светлагорску. 1-я чарга - Лядовы палац";
- адкрыць магазін у аграгарадку Янова Веткаўскага раёна;
- завяршыць будаўніцтва школы ў мікрараёне нумар 21 г.Гомеля.
У Гродзенскай вобласці
- забяспечыць будаўніцтва рэзервовых свідравін, водаправодных сетак і станцый па ачыстцы вады ад прымесей жалеза ў аграгарадку Пархімаўцы Бераставіцкага раёна;
- прыняць неабходныя меры па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, мадэрнізацыі галоўных каналізацыйных помпавых станцый, рэканструкцыі і будаўніцтве каналізацыйных калектараў у Лідзе;
- пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Слоніме.
У Мінскай вобласці
- пабудаваць дзіцячую дашкольную ўстанову і школу ў Фаніпалі, а таксама школу ў Стоўбцах;
- фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзяржынску;
- дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў Любані, аграгарадку Міханавічы і пасёлку Дружны;
- дзіцячы сад - пачатковую школу ў мікрараёне нумар 11 Усходні ў Маладзечне;
- новы будынак паліклінікі ўстановы аховы здароўя "Нясвіжская цэнтральная раённая бальніца" ў Нясвіжы;
- фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у Старых Дарогах і басейн ва Уздзе.
У Магілёўскай вобласці
- правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы для захавання палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна;
- пабудаваць радыялагічны корпус нумар 3 у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры і інфекцыйны корпус у Магілёўскай бальніцы нумар 1;
- дарогу "Паўднёва-заходні абход Магілёва";
- школу з басейнам і дзіцячы сад з басейнам у мікрараёне нумар 7 Бабруйска.
Сумесна з Мінскім аблвыканкамам і Мінскім гарвыканкамам
- рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў па пераводзе Мінска ў 2025 годзе на водазабеспячэнне толькі з падземных крыніц.
Акрамя таго, у распараджэнні даручана забяспечыць распрацоўку і зацвярджэнне да канца 2020 года Дзяржаўнай праграмы добраўпарадкавання ваенных гарадкоў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні Міністэрства абароны, на 2021-2025 гады.
Брэсцкаму гарвыканкаму да канца 2021 года трэба спланаваць і завяршыць будаўніцтва спартыўнага стадыёна на тэрыторыі 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады з выкарыстаннем пазабюджэтных сродкаў і жылога дома для ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона на ўмовах долевага будаўніцтва.
Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць ваеннаслужачых Узброеных Сіл арэндным жыллём дзяржаўнага жыллёвага фонду ў адпаведнасці з артыкулам 111 Жыллёвага кодэкса.-0-
НАВIНЫ БЕЛАРУСI