20.12.2023
Прысуджаны прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Адпаведныя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісаў 19 снежня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае ўмацаванню духоўных каштоўнасцей і маральных традыцый беларускага народа і патрыятычнаму выхаванню моладзі, па выніках 2023 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне".
Ігумення Свята-Пакроўскага жаночага манастыра Анфіса (Антаніна Любчак) удастоена высокай узнагароды за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у адраджэнні культурна-гістарычных каштоўнасцей Віцебскай вобласці.
Прэмія таксама прысуджана калектывам
Полацкага кадэцкага вучылішча - за плённую дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення; Гомельскага гарадскога цэнтра інклюзіўнай культуры - за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё творчых здольнасцей і сацыяльную адаптацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі;
Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця" - за выдатныя дасягненні ў паляпшэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, папулярызацыю ў грамадстве сямейных каштоўнасцей;
Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы - за значны ўклад у захаванне культурнай спадчыны Беларусі і рэалізацыю культурна-турыстычнага праекта - свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").
За выдатныя дасягненні ў галіне тэатральнага, музычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе намесніка начальніка аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вольгі Багдановіч, старшыні Свіслацкага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага і намесніка старшыні праўлення Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Алены Чыкавай. Яны ўдастоены прэміі за значны ўклад у рэалізацыю творчых праектаў па захаванні традыцыйнай культуры Беларусі і правядзенне каравай-фэсту "Бацькава булка".
За значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну і рэалізацыю праектаў "Апошнія сведкі", "Генацыд. Без права на жыццё" спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ўдастоены Генеральная пракуратура, Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.
Народны духавы аркестр "Віціны" Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў адзначаны ўзнагародай за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-культурных праектах, а тэатр эстраднай песні "Сябрынка" Палаца культуры МАЗ - за развіццё лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага мастацтва, актыўны ўдзел у мерапрыемствах патрыятычнай тэматыкі.
Спецыяльныя прэміі таксама прысуджаны
рэжысёру Іване Жыган і калектыву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю славянскай культуры, рэалізацыю сумесных беларуска-сербскіх творчых праектаў;
паэту-песенніку Ганне Сялук (Ганне Сяргееўне Лукашэнка) - за вялікі асабісты ўклад у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў;
майстру народных музычных інструментаў Руслану Макарэвічу - за плённую працу па адраджэнні традыцый вырабу музычных інструментаў;
загадчыцы трупы оперы Вялікага тэатра Беларусі Настассі Масквіной - за высокае прафесійнае майстэрства, выдатныя дасягненні ў сферы музычна-тэатральнага мастацтва;
метадысту Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алене Шунейка - за плённую працу па захаванні традыцый вырабу габеленаў;
1-й і 2-й роце і аркестру ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры - за значныя дасягненні ў патрыятычным выхаванні моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-палітычных і культурных мерапрыемствах.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi