18.11.2026
Падавайце дзецям уласны станоўчы прыклад
У межах рэспубліканскага прафілактычнага мерапрыемства “Дом без пажару” ў гарпасёлку Наваельня прайшоў сельскі сход з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, кіберзлачыннасць і іншыя надзённыя тэмы. Інфармацыю аб пажарнай сітуацыі ў Беларусі і раёне давёў намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Кухарчык: – На Дзятлаўшчыне сёлета назіраецца істотны рост пажараў – 31 вогненнае здарэнне ў параўнанні з 19 у мінулым годзе. Ёсць трое загінулых, усе яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Аднак прычыны пажараў – не толькі ў гэтым. Пачасціліся выпадкі вогненных здарэнняў, звязаных з электраабсталяваннем і пячным ацяпленнем. Сяргей Іванавіч нагадаў, што з пачаткам ацяпляльнага сезона ад гаспадароў дамоў з пячным ацяпленнем патрабуецца асаблівая ўвага і няўхільнае выкананне правілаў пажарнай бяспекі і спраўнасці абсталявання. Ён адзначыў, што па-ранейшаму самым бюджэтным і надзейным спосабам абараніць сябе і сваё домаўладанне з’яўляецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які пажадана мець у кожным жылым пакоі дома або кватэры. З раённага бюджэту выдзяляюцца фінансавыя сродкі для закупкі і далейшай устаноўкі АПА, найперш для ўразлівых катэгорый грамадзян – адзінокіх, інвалідаў, шматдзетных сем’яў. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская звярнулася да тэмы бяспекі дзяцей. – Задача дарослых – абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Выхаванне дзяцей – гэта найперш абавязак бацькоў, якія павінны клапаціцца аб іх фізічным, псіхалагічным, маральным стане, бо ў сям’і фарміруецца асоба дзіцяці, – адзначыла яна. Марына Яўгеньеўна расказала, што праблема сямейнага недабрабыту не знаходзіць канчатковага вырашэння і заўсёды ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На сёння ў раёне прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы 26 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 50 дзяцей. Сацыяльна-педагагічны цэнтр, на жаль, ніколі не пустуе: сёння там чацвёра дзяцей, аднак летам было васьмёра. Прычына часцей за ўсё – амаральны лад жыцця бацькоў, злоўжыванне спіртнымі напоямі, антысанітарыя. Ім даецца паўгода на тое, каб выправіць сітуацыю і вярнуць дзяцей дадому, аднак не ўсе выкарыстоўваюць гэты час разумна. У апякунскіх і прыёмных сем’ях раёна выхоўваецца 36 дзяцей. Таксама актуальнай застаецца праблема выхавання падлеткаў, якія ўчыняюць хуліганскія дзеянні і становяцца “гасцямі” спецыяльнай камісіі па справах непаўналетніх. – У жыцці немагчыма прадбачыць усе сітуацыі. Каб не дапусціць кепскага, як мага часцей размаўляйце з дзецьмі, шчыра цікаўцеся іх жыццём і тлумачце, што бацькі і класныя кіраўнікі – гэта першыя сябры і падтрымка, да якіх непаўналетнім трэба звяртацца ў любой складанай сітуацыі, – падвяла вынік Марына Лашкоўская. Начальнік раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар расказаў асноўныя правілы абыходжання з газакарыстальным абсталяваннем, аб неабходнасці яго своечасовай замены, падкрэсліў, што ўстаноўку, падключэнне газавага абсталявання маюць права праводзіць толькі спецыялісты арганізацыі. Юрый Іванавіч нагадаў аб важнасці ўстаноўкі ў доме або кватэры не толькі пажарнага апавяшчальніка, але і датчыка чаднага газу. Ён адказаў на пытанні грамадзян наконт набыцця і ўстаноўкі газавых пліт. Аб тым, якая дапамога аказваецца пажылым грамадзянам сацыяльнай службай раёна, якую частку клопатаў аб іх бяруць на сябе дзяржаўныя ўстановы, а што належыць выконваць дарослым дзецям, паведаміла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Іна Петрукевіч. На сёння паслугамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва карыстаюцца 504 пажылыя жыхары раёна, 50 з іх на працягу дня абслугоўваюць памочнікі па доглядзе. Таксама праз сацыяльную службу можна атрымаць медыцынскі агляд і лячэнне. Аляксандр Бараноўскі падвёў вынік сустрэчы і нагадаў самыя вострыя на сёння тэмы: – Нікому не верце і нікога не слухайце, адразу спыняйце размову. Гэта адносіцца да тэлефонных званкоў і інтэрнэт-сайтаў, дзе па-ранейшаму актыўна дзейнічаюць кіберзлачынцы. Кожны тыдзень міліцэйская зводка не абыходзіцца без такіх фактаў. Галоўная абарона – гэта наша ўважлівасць і пераправерка ўсёй інфармацыі. Таксама Аляксандр Станіслававіч звярнуў увагу на абавязак удзельнікаў дарожнага руху насіць святлоадлюстроўваючыя элементы ў цёмны час сутак. Ён засяродзіў увагу на навядзенні парадку на зямлі і заклікаў землякоў утылізаваць смецце, а не спрабаваць спаліць яго, дастаўляючы нязручнасці суседзям. – Сумнік (залатарнік) – гэта не прыгожыя кветкі, дастойныя вашых прысядзібных участкаў, а небяспечная інвазіўная расліна, якую катэгарычна забаронена вырошчваць. Не забывайце пра гэта, каб не атрымаць штраф ад прыродаахоўнай арганізацыі, – завяршыў выступленне Аляксандр Бараноўскі. Старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч засяродзіла ўвагу на тым, што ў хуткім прагнозе – паніжэнне тэмператур да мінусавых, а значыць – патэнцыяльная небяспека здарэнняў на тонкім лёдзе. – Расказвайце дзецям аб правілах бяспекі і падавайце ўласны станоўчы прыклад. Не такі, як бацька, які ўзяў на рыбалку на возера сына, але забыўся пра выратавальныя камізэлькі для іх абодвух. Калі лодка перакулілася, выбрацца з вады ім дапамаглі відавочцы. Гісторыя скончылася добра, а магло быць зусім іначай, – расказала Людміла Аляксандраўна. Для сістэматызацыі інфармацыі новаяльнянцам уручылі буклеты па правілах пажарнай бяспекі і правільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення. Наталля АВЯРЧУК