05.10.2026
Пазнаёмілі з вакансіямі, нагадалі пра бяспеку
Напярэдадні Дня пажылых людзей Дзятлаўшчына далучылася да агульнарэспубліканскага кірмашу вакансій для пажылых людзей і інвалідаў. 28 верасня мерапрыемства сабрала спецыялістаў і наведвальнікаў кірмашу ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Прысутных павітала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела па працы і занятасці райвыканкама Таццяна Дорда: – На працягу тыдня ў Беларусі да Дня пажылых людзей праводзяцца агульнарэспубліканскія кірмашы вакансій. Іх удзельнікі маюць магчымасць сустрэцца з наймальнікамі, даведацца пра прапановы, якія цікавяць, прайсці субяседаванне, а таксама атрымаць кансультацыі спецыялістаў па пытаннях працаўладкавання. Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік раздала прысутным брашуры-памяткі аб патрабаваннях пенсійнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага забеспячэння насельніцтва Дзятлаўскага раёна Іна Жыбко расказала аб аказанні сацыяльных паслуг. Яна патлумачыла, хто мае права на бясплатнае або на ўмовах частковай аплаты абслугоўванне на даму, як афармляецца гэта працэдура і колькі разоў на тыдзень да чалавека пэўнай катэгорыі будзе прыходзіць сацыяльны работнік. Нагадала, што на Дзятлаўшчыне ў катэгарыраваных жыхароў ёсць магчымасць пасяліцца ў кватэру або дом самастойнага сумеснага пражывання ці аформіць паслугу доўгатэрміновага догляду або пражывання ў замяшчальнай сям’і, сацыяльным пансіянаце. Заклікала звяртацца па такіх пытаннях у аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. Правілы бяспекі ў побыце ў час ацяпляльнага сезона нагадала інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага РАНС Алена Дзісько. Спынілася на патрабаваннях пры выкарыстанні пячнога ацяплення, а таксама ацяпляльных прыбораў у жылых памяшканнях, заклікала ўстанаўліваць у спальных пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ўратавалі не адзін дзясятак чалавечых жыццяў. Спецыяліст падкрэсліла, што падобная прафілактычная інфармацыя сёлета асабліва актуальная для дзятлаўчан, паколькі ў раёне ўжо адбылося 30 пажараў, а гэта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»