23.10.2025
Актуальнае меркаванне. Вялікі гонар і адказная місія
Таццяна Умоўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, дэлегат УНС: – У снежні 2025 года адбудзецца другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Гэта адказнае мерапрыемства, у рамках якога плануецца разгледзець праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку. Асаблівасць форуму, які пройдзе 18-19 снежня, у тым, што ён склікаецца шляхам выдання распараджэння старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандра Лукашэнкі. Быць дэлегатам УНС – вялікі гонар і адначасова вельмі адказная місія, гэта значыць, што з’яўляешся прадстаўніком вышэйшага органа народаўладдзя сваёй краіны і ад тваіх рашэнняў залежыць яе будучыня, бо, як вядома, асновай для ўсяго ў дзяржаве з’яўляецца эканоміка. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця раней не зацвярджалася на такім узроўні: у дэлегатаў была магчымасць унесці свае прапановы ў яе праект. Для мяне вельмі важнымі з’яўляюцца пытанні развіцця сістэмы адукацыі. У наступнай пяцігодцы нам давядзецца вырашаць задачы па стварэнні адаптыўнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Гэта павышэнне гнуткасці адукацыйных паслуг, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў, укараненне лічбавых тэхналогій у адукацыйную дзейнасць, а таксама бесперапыннае прафесійнае навучанне, адаптаванае пад патрэбы эканомікі.