05.01.2026

Акцыя “Нашы дзеці”. Здароўя і навагодняга настрою!


Дабрачынная рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” спяшаецца завітаць у кожную ўстанову і арганізацыю, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі чакаюць навагодніх сюрпрызаў.
Па добрай традыцыі штогод прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і валанцёры Дзятлаўшчыны абавязкова наведваюць дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, каб і тут маленькія пацыенты сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягурачкай, павадзілі карагоды, павесяліліся.
Не стаў выключэннем і гэты год: з падарункамі і пажаданнямі моцнага здароўя да юных дзятлаўчан, якія напярэдадні святаў праходзяць лячэнне, прыйшлі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анастасія Лагуцік і Алег Конан. Не абышлося і без галоўных навагодніх герояў, у ролі якіх выступілі работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
– Вам крышку не пашанцавала, што перад Новым годам знаходзіцеся не дома, аднак нашы чараўнікі-медыкі зробяць усё, каб вы паправіліся і сустрэлі святы з блізкімі, будзьце здаровыя, – звярнулася да маленькіх пацыентаў моладзевы лідар раёна.
Да яе словаў далучыліся і ратаўнікі, якія зычылі спаўнення самых запаветных мараў і бяспечных зімовых забаў. Віншаванні і шчырыя пажаданні ад гасцей прагучалі і ў адрас персаналу бальніцы.
Калі ж дзятва паклікала Дзядулю Мароза, пачаліся вясёлыя гульні і танцы, не абышлося і без традыцыйнага чытання вершаў. Ніводнае дзіця не засталося без цукерак і падарункаў.
Наступным адрасам, куды паспяшаліся дабрадзеі, быў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, дзе да іх далучыўся начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.
Выхаванцы прытулка таксама атрымалі салодкія падарункі, вялікі кошык з садавіной ад моладзевай арганізацыі, зарад добрага настрою і цёплыя пажаданні, якія прагучалі яшчэ і для педагогаў установы.