06.04.2026

Дзятлава. Экзамен на ўзаемадзеянне


На базе Казлоўшчынскага сацыяльнага пансіяната «Колас» прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні Дзятлаўскага раеннага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Згодна з тактычнай задумкай, умоўны ачаг пажару быў выяўлены ў пакоі № 234 аддзялення № 6, з-за чаго ўтварылася пагроза людзям і небяспека распаўсюджвання агню.
Персанал установы паведаміў інфармацыю аб узгаранні ў дзяжурную службу МНС і актываваў пажарную сігналізацыю. На месца здарэння накіраваліся баявыя разлікі Казлоўшчынскага ПАВП № 11, Раготнаўскага ПАВП № 13 і Дзятлаўскай ПАВЧ № 1. Па прыбыцці на месца ратаўнікі правялі разведку, ацанілі маштаб і прыступілі да ліквідацыі ўмоўнага «пажару». Таксама на месца здарэння прыехалі машыны хуткай дапамогі і раённага газазабеспячэння.
У ходзе вучэнняў правяраліся дзеянні персаналу ўстановы па паведамленні аб узгаранні і сустрэча ратаўнікоў, пажарных – па ліквідацыі ўзгарання і перадачы інфармацыі на цэнтр аператыўнага кіравання, выканананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі.  Паралельна правяраўся стан сістэм і камунікацый пансіяната «Колас», у тым ліку ўнутраных і вонкавых пажарных водаправодаў.
Ратаўнікі, спецыяльныя службы і работнікі пансіяната з пастаўленай задачай справіліся.
Па завяршэнні вучэнняў першы намеснік начальніка Дзятлаўскага райаддзела па надзвычайных ситуацыях Уладзімір Бялятка падвёў вынікі, разам з камандзірамі падраздзяленняў разабраў недахопы, выяўленыя ў ходзе практычнай адпрацоўкі, каб у будучым зрабіць работу па ліквідацыі пажараў і выратаванні людзей яшчэ больш зладжанай і якаснай. Таксама ён паразмаўляў з персаналам пансіяната, даў рэкамендацыі.
– Такія вучэнні праводзяцца не толькі для адпрацоўкі работы падраздзяленняў МНС па тушэнні пажару. Для персаналу ўстановы гэта выдатная магчымасць праверыць сябе, бо менавіта ад іх дзеянняў на пачатковым этапе залежыць жыццё і здароўе людзей, калег і пацыентаў, – адзначыў ён.

Па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»