37 гадоў прайшло з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Афганская вайна – гэта не проста старонка гісторыі, а мноства зраненых і перамененых лёсаў. Гэта выпрабаванне на стойкасць, вернасць, чалавечнасць, якое было з гонарам пражыта тысячамі савецкіх мужчын, і нашымі землякамі ў тым ліку.
Мітынг-рэквіем, прымеркаваны да гэтай даты, прайшоў у Дзятлаве каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Удзел у ім прымалі ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, педагогі і школьнікі, дзятлаўчане.
– 15 лютага 1989 года скончылася дзевяцігадовая вайна, гераічная і трагічная, афіцыйна не аб’яўленая, але назаўжды ўпісаная ў народную памяць, – адкрыў мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Яе гісторыя напісана крывёю салдат і слязьмі маці, менавіта таму яна працягвае жыць у нашых сэрцах, перадаючыся з пакалення ў пакаленне. У гэты дзень мы схіляем галовы перад мужнасцю воінаў, якія з гонарам і самаадданасцю выканалі свой воінскі абавязак у Афганістане. Яны праявілі вышэйшыя якасці салдата і грамадзяніна, іх подзвіг стаў маральным арыенцірам для ўсіх, хто цэніць гонар, адвагу і вернасць Радзіме.
Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:
– Тысячы беларусаў пайшлі на гэту вайну, сотні – назаўжды засталіся маладымі, 130 нашых землякоў-дзятлаўчан з годнасцю выканалі свой воінскі абавязак, больш за сорак адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, пяцёра – ордэнам Чырвонай зоркі, двое з іх – пасмяротна – Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік. Сёння нам неабходна быць моцнымі і згуртаванымі, каб берагчы мір, важна захоўваць памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця збярог яго для нас. Паважаныя ветэраны баявых дзеянняў, жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба.
Найлепшыя пажаданні тым, хто спазнаў цану баявога вопыту і брацтва – ветэранам вайны ў Афганістане, – выказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:
– Няхай мацнее баявое таварыства воінаў-афганцаў, множацца вашы добрыя справы на карысць нашай Радзімы. Няхай заўжды ў вашых дамах будуць мір і спакой. Вечная памяць загінулым.