23.02.2026

Рэйд са СМІ. Гаспадар за бяспеку – “Дом без пажару”


23 лютага на Дзятлаўшчыне стартавала спецыялізаванае прафілактычнае мерапрыемства МНС “Дом без пажару”, якое будзе ладзіцца на працягу тыдня.
Пачатак маштабнай прафілактычнай рабоце паклала адпрацоўка домаўладанняў катэгарыраваных грамадзян на тэрыторыі Дварэцкага сельскага савета, удзел у якой прымаюць суб’екты прафілактыкі раёна.
Пачалося рэйдавае мерапрыемства з агульнага збору ў Дварэцкім сельвыканкаме, дзе спецыялісты атрымалі ўводную інфармацыю ад яго старшыні Канстанціна Вінцукевіча і намесніка начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Кухарчыка.
– Для плённай і аператыўнай дзейнасці прафілактычных груп мы падрыхтавалі спісы і распрацавалі дзесяць маршрутаў па розных населеных пунктах сельсавета. Усяго ў час рэйда ўвагай будзе ахоплена каля 150 домаўладанняў катэгарыраваных жыхароў, – акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў прафілактычнага мерапрыемства Канстанцін Вінцукевіч.
– З сённяшняга дня ў раёне стартуе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”, – задаў тон рабоце Сяргей Кухарчык. – Яго мэта – папярэдзіць пажары і захаваць жыцці людзей. На працягу тыдня ратаўнікі разам з прадстаўнікамі іншых суб’ектаў прафілактыкі і зацікаўленых служб правядуць комплексную работу ў жыллёвым фондзе на тэрыторыі Дварэцкага, Казлоўшчынскага, Дзятлаўскага сельскіх саветаў і ў горадзе Дзятлаве. Наша задача – зніжэнне рызык узгарання ў дамах і кватэрах, а таму будзем абследаваць супрацьпажарны стан домаўладанняў такіх катэгорый жыхароў, як адзінокія пажылыя людзі і тыя, хто жыве адзінока, інваліды, сацыяльна ненадзейныя сем’і, а таксама асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Раскажам ім пра наступствы невыканання правілаў бяспекі, нагадаем аб недапушчэнні пакідання адных без нагляду малалетніх дзяцей, небяспеку курэння, неабходнасці ўстаноўкі ў жылых пакоях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, праверым пячное ацяпленне, электраправодку, газавыя і ацяпляльныя прыборы.
Спецыялісты на працягу дня пабывалі ў дамах жыхароў Дварэцкага сельсавета, якія ўвайшлі ў спісы катэгарыраваных, агледзелі іх стан, нагадалі гаспадарам аб правілах бяспекі ў побыце.
Наступная адпрацоўка жылога сектара адбудзецца ў Казлоўшчынскім сельскім савеце.