16.03.2026

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Аліна Райдзюк: «Ён таксама, як і я, настаўнік»


Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і шчасце людзей. Пра герояў сучаснасці, якія сёння працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на старонках газеты “Перамога” раскажуць тыя, хто за іх перажывае і ганарыцца імі.
Трыццаць гадоў мінула з той пары, калі намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык скончыў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава. Дзякуючы нашаму праекту, яму выпала магчымасць зноў сесці за парту – на гэты раз побач са сваёй першай настаўніцай Алінай Райдзюк, якая ў той далёкі час разгледзела ў сваім вучні здольнасці да вучобы і настойлівы характар.
– Першага верасня 1986 года мы ўвайшлі ў новы навучальны год з маленькімі вучнямі 1 “Ж” класа, сярод якіх быў і Сяргей Кухарчык – вельмі спакойны, уважлівы, адказны хлопчык. Як цяпер помню, ён заўсёды сядзеў за партай роўна і акуратна, быццам з ілюстрацыі ў школьным буквары, уважліва слухаў і вельмі старанна пісаў.
Сяргей Іванавіч удзячны школьным гадам, якія сталі фундаментам для далейшага жыцця і ключом да поспеху.
– У пачатковай школе ўсе ўрокі былі любімыя, бо лёгка даваліся, – успамінае ён. – Я заўсёды сядзеў за першай партай, мне ўсё было цікава.
Пасля заканчэння школы Сяргей Кухарчык выбраў для сябе гуманітарную спецыяльнасць – юрыспрудэнцыю, якую атрымаў у сённяшнім Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы. Там ён быў таксама на добрым рахунку, нават стаў лепшым па хуткасці набору на друкавальнай машынцы з вынікам 124 знакі ў мінуту.
Сяргей Іванавіч заўсёды верыў у лёсавызначэнне і тое, што жыццёвая дарога вядзе менавіта туды, куды патрэбна. Так пасля выпуску з каледжа і работы ў розных арганізацыях раёна ён воляй лёсу ўладкаваўся працаваць у Дзятлаўскі РАНС.
– Гэта быў пачатак нулявых, калі патрапіць на добрую работу было няпроста, – расказвае мужчына. – Але атрымалася так, што пасля шэрагу перыпетый і запытаў мне паведамілі, што ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ёсць вакантная пасада дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання. Я атрымаў дакументы на медкамісію 27 снежня 2001 года, і ўжо 2002-гі сустрэў у дружным калектыве ратаўнікоў. З таго часу гэта мая другая сям’я.
Сяргей Іванавіч гаворыць, што ўсё жыццё яму шанцавала на людзей, якія дапамагалі раскрыць патэнцыял і зрабіць наступны крок наперад. Ён удзячны былому начальніку райаддзела Уладзіміру Нячаеву, які настойліва рэкамендаваў атрымаць вышэйшую спецыяльную адукацыю, што дапамагло стаць тым, хто ёсць цяпер. 
Аліна Казіміраўна даведвалася, як склаўся лёс выпускнікоў, якія даўно сталі дарослымі, разляцеліся хто куды, пераважна ад іх бацькоў. Але з Сяргеем Іванавічам ёй давялося сустрэцца асабіста ў Дзятлаўскім РАНС, куды яна ўладкавалася на працу. Бачачы, як узмужнеў, вырас, стаў мудрым кіраўніком і добрым сем’янінам, яна радавалася за тое, што ў свой час пасеяла добрыя зярняткі ведаў, і яны далі ўдзячныя ўсходы.
 – Працавалі мы ў суседніх кабінетах, а дзверы паміж імі ў нас рэдка зачыняліся, таму мела магчымасць бачыць свайго былога вучня, а сёння вопытнага кіраўніка за работай. Заўсёды прыемна было назіраць, як Сяргей Кухарчык паводзіць сябе ў калектыве, як ставіцца да падначаленых, маладых спецыялістаў. Душа радавалася ад таго, што па сутнасці сёння ён таксама, як і я, з’яўляецца настаўнікам, толькі ў сваёй сферы, дапамагае пачынаючым ратаўнікам рабіць першыя смелыя крокі ў прафесіі. Ён дасканала ведае сваю работу і ніколі не адмаўляе калегам у слушных парадах. Сяргей Іванавіч таксама ўжо можа ганарыцца сабой як педагогам: адзін яго “вучань” служыць у абласным упраўленні МНС, другі – займае адказную пасаду ў Дзятлаве. Набіраюцца вопыту і ведаў малодшыя таварышы, якія таксама яшчэ праславяць свайго куратара, – упэўнена Аліна Райдзюк.
Яна мела магчымасць пазнаёміцца з сынамі Сяргея Кухарчыка, якія ў час школьных канікулаў з’яўляліся частымі гасцямі ў пажарнай часці, іх цікавіла служба і абстаноўка, а тата ўсё цярпліва і паслядоўна тлумачыў ім, выхоўваючы і прывіваючы павагу да сваёй прафесіі.
– Столькі клопату і любові было ў гэтых аповедах і экскурсіях, што я не сумняваюся: дзеці Сяргея Іванавіча ў будучым задумаюцца аб выбары прафесіі ратаўніка для сябе, – дадае жанчына.
Наталля АВЯРЧУК